Што вы ведаеце пра піва?

Май на ўвазе! Піва пачалі варыць яшчэ ў Старажытным Егіпце. Традыцыйны рэцэпт піва: вада, дрожджы, хмель і солад — галоўная крыніца вугляводаў і калорый. Праверце сябе: ці ўсё вы ведаеце пра гэты напой?

 

Колькі калорый у піве?

У бутэльцы лёгкага (да 4,5% алкаголю) піва ад 100 да 130 ккал, а ў бутэльцы звычайнага — ад 150 да 200. Такім чынам, розніца паміж звычайным і лёгкім півам можа складаць як мізэрныя 20 ккал, так і значныя 100. Два куфлі піва па каларыйнасці роўныя двайному гамбургеру, сэндвічу са смажанай ялавічынай, двум кавалкам піцы з сырам.

Ці ёсць у піве тлушч?

Не, у піве яго няма. У піве ёсць бялок, калій, фоліевая кіслата, вітамін В 12 і селен. Аднак карысных рэчываў настолькі мала, што гэты напой уваходзіць у лік самых "бедных" прадуктаў і заадно займае лідзіруючую пазіцыю ў спісе самых каларыйных.

Ці праўда, што чым вышэй градус, тым больш калорый?

Па колькасці калорый на адзін грам алкаголь (7 ккал у 1 г) недалёка адышоў ад тлушчу (9 ккал у 1 г). Для параўнання: у вугляводах і бялках 4 ккал у 1 г. Таму залежнасць тут прамая — чым больш алкаголю, тым больш калорый.

Ці праўда, што ў светлым піве калорый менш, чым у цёмным?

Не. Колькасць калорый залежыць ад працэнта ўтрымання алкаголю, а не ад шчыльнасці або колеру напою, на які ўплывае колер соладу.

Калі пачынаецца "перабор"?

Дыетолагі рэкамендуюць прытрымлівацца наступных лічбаў: вы не павінны ўжываць больш як дзве порцыі алкаголю ў дзень. Адна порцыя — 1 бутэлька піва, або 150 мл віна (120 ккал), або 50 мл гарэлкі (100 ккал).

Для жанчын гэтая норма ў два разы ніжэйшая — у дзень дазваляецца толькі адна порцыя алкаголю. Асаблівасці жаночага арганізма такія, што ён больш схільны да ўплыву алкаголю і горш яго перапрацоўвае.

Чарка гарэлкі, келіх віна або бутэлька піва?

Больш за ўсё калорый у бутэльцы піва. Але калі вы дадаяце ў гарэлку колу або джын-тонік, то каларыйнасць такога кактэйлю рэзка павялічваецца.

Ці ёсць сувязь паміж півам і піўным жывоцікам?

"Вадкія" калорыі тым і небяспечныя, што іх лягчэй перабраць. Яны не даюць адчування сыці. Да таго ж любы алкаголь выклікае адчуванне голаду, і вы да ўжо набраных калорый (2 бутэлькі піва — лішнія 300 ккал) дабіраеце са стала.

Ці можа піва быць карысным?

Так. У гэтым напоі шмат вады, яно аказвае мачагоннае дзеянне, і гэта яго ўласцівасць можа засцерагчы вас ад адкладання камянёў у нырках і нават ад раку мачавога пузыра. Піва можа павысіць узровень "добрага" халестэрыну, знізіць рызыку інфаркту і палепшыць стан крывяноснай сістэмы.

Аднак усё гэта справядліва да таго часу, пакуль вы захоўваеце меру. Як толькі пачынаеце піць больш, чым належыць, усе плюсы змываюцца, і застаюцца адны мінусы: рызыка развіцця раку печані, атлусценне, алкагалізм і да т.п. Пры піўным алкагалізме магчымыя як гіпертанія, так і каларэктальны рак, і рак малочнай залозы.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ, "Звязда"

 

 


все статьи автора вернуться к списку рецепторов